Памяць паўстанцаў 1863 года Рух салідарнасці «Разам» ушанаваў у Літве

155-годдзе трагічных бітваў у Біржайскім краі, дзе загінулі сотні, калі не тысяча паўстанцаў, адзначыў Рух салідарнасці «Разам».

fb_img_1526028686302.jpg

Дэлегацыя Руху салідарнасці “Разам” з 11 актывістаў з Мінску і Вілейкі на чале з сустаршынёй арганізацыі Аленай Талстой наведала горад Біржай у Літве, каб ўшанаваць памяць паўстанцаў 1863–1864 гадоў.

У гэтыя дні — трагічны юбілей: 155-годдзе бітваў у Біржайскім краі, калі паўстанцкія аддзелы пад кіраўніцтвам Зыгмунта Серакоўскага, Баляслава Калышкі і Антанаса Мацкявічуса на працягу трох дзён 7—9 траўня 1863 года вялі цяжкія баі з царскімі карнікамі. Сотні, калі не тысяча, паўстанцаў загінулі, а паранены Зыгмунт Серакоўскі быў узяты ў палон і 27 чэрвеня павешаны на Лукішскім пляцы ў Вільні.

fb_img_1526028814394.jpg

Літоўцы шануюць памяць паўстанцаў. У міжваеннай Літве каля вёсак Мядзяйкяй, Гудзішкіс і Халме Англю былі ўсталяваны памятныя знакі ў гонар герояў, якія змагаліся за свабоду. Каля гэтых крыжоў прымалі прысягу “лясныя браты”, якія змагаліся з савецкай акупацыяй, а сёння да іх прывозяць школьнікаў.

За савецкім часам крыжы былі засыпаныя зямлёй, і такім чынам зберагліся да таго моманту, пакуль іх можна было ўсталяваць на ранейшым месцы.

fb_img_1526028712453.jpg


9 траўня прасёлкавымі ляснымі дарогамі дэлегацыя Руху салідарнасці “Разам” даехала да помнікаў.

Каля ўсіх трох святыняў пад бела-чырвона-белымі сцягамі былі запалены знічкі, ускладзены кветкі, гучала малітва “Ойча Наш” і нацыянальны гімн “Магутны Божа!”. Гучалі кароткія прамовы.

Лідар Руху Салідарнасці “Разам” Вячаслаў Сіўчык падкрэсліў, што мэта мерапрыемства — ушанаваць памяць усіх змагароў з усходняй навалай з розных краінаў Міжмор’я.

fb_img_1526028701652.jpg

Прагучалі анонсы бліжэйшых акцый — 28 траўня, у дзень гібелі паўстанцкага начальніка Вілейскага павету Вінцэнта Козел-Паклеўскага, у вёсках Уладыкі, Вілейскага раёна, і Княгінін, Мядзельскага раёна, і 27 чэрвеня — на Лукішскім пляцы ў Вільні.

fb_img_1526028734271.jpg


Рух Салідарнасці “Разам” надзвычай удзячны за прыём беларускай дэлегацыі і дапамогу ў правядзенні мерапрыемства кіраўніку дэпартамента гістарычных даследаванняў Музея Біржайскага краю “Сэла” спадарыні Эміліі Райбужытэ-Калнініэне, гіду па экспазіцыі музея спадарыні Ліне Кунцытэ, праваднікам па памятных мясцінах — намесніку дырэктара музея Эўгеніюсу Кунцэ і гісторыку Даліюсу Мікялёнісу.

fb_img_1526028760733.jpg


Паводле прэс-групы Руху салідарнасці “Разам”